Правильное питание - залог здоровья

Так ісці на захад, гэтак перці
За эпоху можна толькі раз.
Есці захацелася да смерці,
Ну, а повар з кухняю заграз.


Падцягнулі рамяні з тугою,
Леглі адпачыць пад сіняй хвояй,
На сухой абочыне шашы.
Рай — для ног, цыгарка — для душы...


Спрэчка пачалася нечакана:
Што смачней з усіх вядомых страў?
«Хаш і лобі! — першым крыкнуў Вано, —
Я б сем місак зараз увабраў».


«Плоў, — сказаў Ахмет. — Калісьці дома...»
I пацмокаў смачна языком.
А Гурген ускочыў: «Вы знаёмы
З ерэванскім сочным шашлыком?»


Я тут узгарэўся не на жарты:
«Вашых страў я ганіць не хачу:
I яны што-кольвек, пэўна, варты,
Як хвалілі знаўцы іх — я чуў.


Сорам пра найлепшае не ведаць, —
Рынуўся я ў наступ на байцоў, —
Калі смачна хочаце паснедаць,
Закажыце бульбы з селядцом.


Печаная бульба — гэта казка,
Паскрабеш нажом — і калі ласка.
Жоўтая скарынка, як пірог,
Будзеш уплятаць яе за трох.


Трапіш да кабеціны рахманай —
Паспытаеш, друг мой дарагі,
Дранікі са свежаю смятанай,
Бабку, клёцкі, нават пірагі.


З нашай бульбы тысячу, не меней,
Смажаць і гатуюць розных страў...»
Я ўсхапіўся з месца і з натхненнем
Песню ім пра бульбу праспяваў.


Бачу: праняла мая прамова,
Зараз крыкнуць: «Дзс яна? Гарні!»
...Добра, што пад'ехаў ротны повар
На рудым запараным кані.


Бульба.   Пімен Панчанка,   1945